Дзень абароны дзяцей адзначаецца штогод 1 чэрвеня. Гэта адзін з самых старых міжнародных святаў, які заснавалі ў 1949 годзе, а з 1950 года адзначаюць ва ўсім свеце.
Дзяцінства – цэласны і унікальны перыяд жыцця. Аднак, дзеці, як самая ўразлівая, самая неабароненая частка грамадства ў сілу свайго невялікага жыццёвага вопыту, залежнасці ад бацькоў, не маюць рэальнай магчымасці абараняць сваё жыццё і права гэтак жа эфектыўна, як дарослыя людзі. Дзень абароны дзяцей праводзіцца з мэтай прыцягнення ўвагі да захавання правоў дзяцей на свабоду думкі, адукацыі, абароны ад гвалту і права на жыццё. Бацькі, як і дзяржава павінны прызнаваць і выконваць правы і свабоды дзяцей. Дзіцячыя праблемы тычацца ўсіх дарослых, незалежна ад сацыяльнага статусу, узросту і матэрыяльнага забеспячэння. Таму свята дзяцей падтрымліваецца многімі дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі, а таксама проста неабыякавымі людзьмі. Менавіта да гэтага дня прымеркаваны многія дабрачынныя акцыі.
Па афіцыйных дадзеных у Беларусі на канец 2019 года налічваецца больш за 1 869 тыс. дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Больш за 18 тыс. - дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў. 83% з іх сацыяльныя сіроты (якія маюць бацькоў, але засталіся без іх апекі), 16% - біялагічныя (якія страцілі бацькоў). Больш за 2 тыс. дзяцей знаходзяцца ў інтэрнатных установах.
1 чэрвеня каманда установы «Лёс і надзея» правяла дабрачынную акцыю і перадала ў ДУ «Дзіцячы дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця» (пас. Навінкі) сродкі індывідуальнай абароны, сродкі гігіены, фрукты.