23 лістапада 2023 г. установа «Лёс і надзея» прыняла ўдзел у Круглым стале міжведамаснага ўзаемадзеяння па аказанні комплекснай падтрымкі асобам, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, які адбыўся на базе ДУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мінскага раёна».
Акрамя прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацый на круглы стол запрасілі і тых, хто нядаўна быў вызвалены з месцаў пазбаўлення свабоды і пражывае ў Мінскім раёне.
Спецыялісты з ТЦСАН Мінскага раёна, УАЗ «Мінскі абласны клінічны цэнтр «Псіхіятрыя-наркалогія», Аддзела занятасці і сацыяльнай абароны Мінскага райвыканкама, начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі УУС Мінскага райвыканкама ў сваіх выступах праінфармавалі ўдзельнікаў аб сацыяльных паслугах і комплекснай падтрымцы грамадзян, якія вярнуліся з МПВ, у рамках дзяржаўнай сацыяльнай сістэмы.
З боку Рэлігійнай місіі «Дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» Мінска-Магілёўскай епархіі і Установы «Лёс і надзея» ўдзельнікі атрымалі інфармацыю аб відах дапамогі, якую могуць атрымаць вызваленыя з МПВ ад грамадскіх арганізацый.
Усе спецыялісты адказалі на актуальныя для асоб, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, пытанні.
Напрыканцы мерапрыемства Дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» і ўстанова «Лёс і надзея» перадалі ўдзельнікам гуманітарную дапамогу ў выглядзе прадуктаў харчавання і сродкаў гігіены, а таксама, раздалі буклеты з інфармацыяй аб арганізацыях, якія дзейнічаюць у Беларусі і аказваюць комплексную дапамогу тым, хто мае патрэбу.
Для інфармацыі:
Пасля выхаду з месцаў пазбаўлення волі чалавеку, як правіла, складана нармалізаваць сваё жыццё, бо страчаны сацыяльныя сувязі, існуюць цяжкасці з жыллём і знаходжаннем працы. Узнікае запатрабаванне ў адаптацыі да новых умоў жыцця. Вызваленым асобам даводзіцца пераадольваць шматлікія перашкоды як унутраныя, суб'ектыўныя, так і вонкавыя, якія ад іх не залежаць.
Працэс сацыяльнай адаптацыі будзе паспяховым, калі ў таго, хто вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі, вырашаныя асноўныя жыццёвыя задачы: ёсць пастаяннае месца працы і жылля, нармалізаваныя адносіны з сям'ёй, адноўлены сацыяльна карысныя сувязі ў асноўных сферах жыццядзейнасці, а таксама парваны сувязі са злачынным асяроддзем. У многім гэта залежыць ад прапанаваных праграм рэабілітацыі і адносін супольнасці, у якой знаходзіцца такі чалавек. Важна ў час працягнуць яму руку дапамогі.
Пасля выхаду з месцаў пазбаўлення волі чалавеку трэба, перш за ўсё, звярнуцца ў ТЦСАН па месцы жыхарства (з пашпартам і даведкай аб вызваленні), дзе яму будзе прадастаўлена неабходная інфармацыя і аказана матэрыяльная дапамога.