«Нараджэнне дзіцяці з сіндромам Дауна: прыняцце, развіццё, выхаванне» - пад такой назвай 22 снежня ў канферэнц-зале Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра ім. Ёханэса Рау (г. Мінск, пр-т Газеты Праўда, 11) адбыўся заключны ў межах праекта «Я нарадзіўся!» інфармацыйны семінар для бацькоў.
Арганізатарам мерапрыемства выступіла грамадская арганізацыя - РСДГА «Даун Сіндром. Інклюзія».
На семінары выступалі: Рыкоўская Таццяна, намеснік старшыні РСДГА «Даун Сіндром. Інклюзія», Сінькевіч Ала, кіраўнік праекту «Я нарадзіўся!», Крачкоўская Алена, мама дзіцяці з сіндромам Дауна.
Акрамя вынікаў праекту «Я нарадзіўся!» удзельнікам семінара прадставілі аналіз патрэбаў мэтавай групы праекта і мэтавай групы РСДГА «Даун Сіндром. Інклюзія» увогуле. На канкрэтным прыкладзе паказаны паспяховы вопыт выхавання і развіцця дзіцяці з сіндромам Дауна ў сям'і.
Акрамя гэтага адбылася прэзентацыя двух выпушчаных у ходзе праекта брашур, у якія ўвайшлі інфармацыйныя матэрыялы, падрыхтаваныя спецыялістамі Міжраённага цэнтра ранняга ўмяшальніцтва, установы «Лёс і надзея» і РСДГА «Даун Сіндром. Інклюзія»:
- «У дапамогу спецыялістам». Брашура змяшчае рэкамендацыі спецыялістам па эфектыўнай працы з сем'ямі, у якіх нараджаюцца і выхоўваюцца дзеці з сіндромам Дауна;
- «У дапамогу бацькам». У брашуры прадстаўлена неабходная і карысная інфармацыя для бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з сіндромам Дауна.
На мерапрыемстве прысутнічалі члены арганізацыі «Даун Сіндром. Інклюзія» і бацькі, якія выхоўваюць дзяцей з сіндромам Дауна ранняга ўзросту. І падчас семінара, і ў нефармальнай абстаноўцы паміж бацькамі праходзілі жывыя зносіны, карысны абмен вопытам і інфармацыяй. Удзельнікі адзначылі важнасць дзейнасці, якая праводзіцца па праекце, накіраваным на своечасовую і комплексную падтрымку сем'яў, у якіх нараджаюцца дзеці з сіндромам Дауна.