У ліпені пры ўстанове «Лёс і надзея» пачне сваю працу сацыяльны прытулак для дарослых, які знаходзіцца ў Гродзенскай вобласці.
Адной з супрацоўніц каманды ўстановы прадастаўлены жылы дом для арганізацыі прытулку тым, хто мае ў гэтым патрэбу. У цяперашні час у доме і на ўчастку каля яго праводзяцца работы па добраўпарадкаванні. У доме ёсць мэбля, бытавая тэхніка, посуд і іншыя прыналежнасці, неабходныя для пражывання.
Мяркуецца, што першым жыхаром дома стане сталая жанчына, якая апынулася ў крызіснай сітуацыі. У 90-я гады ў сілу трагічных абставінаў яна вымушана была прадаць сваё жыллё ў Мінску і карыстацца арэндным. Апошнія гады даглядала за сталымі людзьмі ў абмен на пансіён - пражыванне і харчаванне. У траўні гэтага года памёр мужчына, за якім даглядала жанчына, таму паўстала пытанне аплаты кватэры па камерцыйнаму кошту або высяленне з яе. Адзіны прыбытак жанчыны - невысокая пенсія, што не дазваляе арандаваць жыллё ў Менску.
Жанчыне 83 гады і спецыялісты сацыяльнага забеспячэння прапаноўваюць ёй месца ў доме састарэлых. Аднак, жанчына мае сілы і жаданне жыць самастойна і нават гатовая аказваць дапамогу іншым. Яна з цярпеннем і пакорай пераносіць цяжкасці, дзякуе за ўсю дапамогу Бога і людзей.
Паралельна з добраўпарадкаваннем сацыяльнага прытулку каманда ўстановы праводзіць працу па арганізацыі медыцынскага даследавання і прадастаўлення дзяржаўных сацыяльных паслуг для сталай жанчыны па месцы будучага жыхарства.